РЭСПУБЛІКА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАФЕСІ́ЙНАЙ АДУКА́ЦЫІ.

Засн. ў 1993 у Мінску на базе Рэсп. ін-та павышэння кваліфікацыі работнікаў нар. адукацыі. У 2003/04 навуч. г. ў ін-це дзейнічаюць: ф-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў прафес. адукацыі; адукац. цэнтры «Індустрыяльна-педагагічны каледж» і «Прафесійна-тэхнічны каледж»; цэнтры развіцця прафес. адукацыі, выхаваўчай работы, інфарм.-аналітычны, вучэбнай кнігі прафес. адукацыі; упраўленні метадычнага забеспячэння прафес.-тэхн. адукацыі і сярэдняй спец. адукацыі; аддзел метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. Ф-т ажыццяўляе павышэнне кваліфікацыі кіруючых і пед. работнікаў навуч. устаноў прафес. адукацыі, а таксама перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях: прафес. навучанне, сац. педагогіка, практычная псіхалогія, менеджмент у сферы адукацыі; на базе сярэдняй спец. адукацыі рыхтуюць кадры па спецыяльнасці «прафесійнае навучанне» з кваліфікацыяй «майстар вытворчага навучання». Вядуцца навук. даследаванні па праблемах: развіццё прац. рэсурсаў у сістэме прафес. адукацыі краіны; удасканаленне якасці прафес. адукацыі; кіраўніцтва інавацыйнай дзейнасцю ўстаноў прафес.-тэхн. і сярэдняй спец. адукацыі; распрацоўваюцца канцэпцыі і праграмы развіцця прафес.-тэхн. і прафес.-пед. адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, макеты адукац. стандартаў па розных спецыяльнасцях і інш. Выдаецца час. «Майстэрства». Апублікаваны працы: «Педагагічная сістэма вытворчага навучання ва ўмовах бесперапыннай шматузроўневай падрыхтоўкі» А.​Х.​Шкляра (1997), «Трансфармацыя прафесійнай адукацыі ў сучасным грамадстве» Э.​М.​Каліцкага (1997), «Адукацыя на мяжы стагоддзяў» М.​І.​Латыша (2-е выд. 2000), «Спецыяліст, майстар, прафесіянал: тэорыя і практыка мадэліравання» (2000), «Культура прафесійна-педагагічнай дзейнасці» Л.​Л.​Молчана (2001), «Праектаванне зместу прафесійнай адукацыі: тэорыя і практыка» М.​В.​Ільіна (2002), «Асноўныя палажэнні тэорыі прафесійнай адукацыі» (2003) і інш. У ін-це працуюць д-ры пед. навук М.І.Латыш, А.Х.Шкляр, А.Х.Шкляр.

т. 18, кн. 1, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)